БЫТАВЫ́ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст. Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял. Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
т. 3, с. 376